Алесь Бачыла

Радзіма мая дарагая,
Ты ў шчасці жаданым жыві!
Я сэрцам табе прысягаю
Ў шчырай сыноўняй любві!

На рэках шырокіх і нівах,
Заводах, будоўлях – наўсцяж
Народ наш працуе руплівы
І край ўзвышаецца наш.

Навокал жыццё расцвітае –
І песня ўзлятае сама:
Мне лепей ад роднага краю
Нічога на свеце няма.

Чужое зямлі нам не трэба,
Пачуцці ў нас сёння адны:
Мы хочам, каб мірнае неба
Не знала пажару вайны.

Мы дружбы народам жадаем
І шчырай братэрскай любві.
Радзіма мая дарагая,
Красуйся і ў шчасці жыві!

Жывое ў вяках беларускае слова –
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”,
А нам жа ты матчынай мовай была.

І самай прыгожай, і самаю мілай,
Той маці, што шыла нам світкі з радна,
Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,
А ўвосень авёс дажынала адна.

Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.

Прыеду дадому... І што за праява...
Пачую гаворку, ці песню, ці верш –
Здаецца са мной размаўляеш ласкава,
І сцежкаю поруч са мною ідзеш.

У маках чырвоных гарыць прыгуменне...
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.

Стрэсы!..
Каму яны трэба,
стрэсы?
Ад іх да магілы
падаць рукой...
О, Чалавецтва,
ў тваіх інтарэсах,
Каб на Зямлі
панаваў спакой.

Цябе ж раздзіраюць
вар'яцкія страсці,
Прагнасць да ўлады
і прагнасць улад...
Як жа магло
гэтак нізка ты пасці,
З доляй сваёю
пайсці неўпапад?

Хто і за што
цябе гэтак карае?
Ці за вякі
апілося маной?
З ёю нараджаешся,
з ёю паміраеш,
І ўваскрашаеш былое
па ёй.

Яснасць закрыта
высокай гарою,
Як праз хлусню ёй
прабіцца на свет?
Як? Калі ўлада – не розум
а зброя,
Страшная сіла
смяротных ракет.

Сіла...
Хіба ж нам
дрыжаць перад ёю?
Сіла ж і мы,
калі мы – не ў разлад.
Разам давайце
заціснем пятлёю:
Прагнасць да ўлады
і прагнасць улад.

Скажы мне, мора: хто цябе ўгнявіў,
Чым зганьбаваў і дужа замаркоціў,
Што ты няспынна ў белай злосці грыў
За валам вал, нібыта помсту, коціш?

Чаму за ўсё ў адкзае берагі?
Яны ж тваё ахоўваюць цярпенне...
І хіба ў свеце зменшае тугі,
Калі для нас набольшае камення?..

1978

І ты, і я… І на паўмілю,
Што ў дзень стварэння, – ні душы…
Бярозкі, ўбачыўшы, застылі –
Баяцца голлем варушыць.
Ступіць баяцца нават кроку
Ў наш чысты замак з крышталю,
Каб не падслухаць ненарокам
Святое першае: “Люблю!..”
Каб шэпат, стаўшы гучным рэхам,
Не нарабіў бы нам трывог,
І нехта злосны брудным смехам
З яго сяяцца гідка мог.
Хай заўтра яснае світанне
Абудзіць чысты новы дзень,
І на “люблю” – лісток прызнання
Не ляжа ценем нават цень.

Часта сніцца мне ціхі паўстанак у полі,
Той далёкі паўстанак, дзе, можа, вякі
Узвышаюцца ў неба густыя таполі –
Не спыняюцца толькі мае цягнікі.

Прамчацца удаль. Правядзе іх дзяўчына,
Як праводзіць не раз у дарогу мяне.
І шкада мне, што нельга зрабіць тут прыпынак,
Што, як тыя таполі, сустрэча мільгне.

А яна наўздагон усміхнецца заранкай,
Памахае. А што адказаць ёй магу?
Пакідаю я сэрца сваё на паўстанку,
А з сабой ў дарогу бяру я тугу.

Пакідаю я тайна пад час развітання
Разам з сэрцам жывыя надзеі свае...
Кажуць, станцыяй хутка паўстанак той стане –
Значыць, стрэнецца шчасце маё і яе.